2018 – 2021
ДЗЯВОЧЫ ВЕЧАР
+ Апошні фотаздымак
гісторыя праекту
Вынікам гэтага праекту сталі дзве кнігі VEHA «Дзявочы вечар» і «Апошні фотаздымак» прысвечаныя найважнейшым сюжэтам у беларускай паўсядзённай фатаграфіі ХХ стагоддзя – вяселлю і пахаванню. Сакральнасць гэтых момантаў для любога звычайнага чалавека абумовіла тое, што менавіта яны найчасцей задакументаваліся на фотаздымках. Набыццё маладымі мужчынам і жанчынай сапраўднай сацыяльнай сталасці ў вачах супольнасці – вяселле – станавілася падзеяй, якая аб'ядноўвала семʼі. Фатаграфія служыла візуальным доказам ажыццяўлення абраду пераходу. А пахаванне, якое можна назваць фінальнай кропкай сямейнага жыцця, была падставай агульнага збору сямʼі і магла суправаджацца вырашэннем справаў па падзелу маёмасці памерлых. Фатаграфія зʼяўляецца доказам падзеі і дакументам памяці.

У сабранай калекцыі фотаздымкаў – рэтраспектыва 100 гадоў візуальнай гісторыі Беларусі. Праглядаючы іх у храналагічным парадку, можна ўбачыць кардынальную змену ў адносінах саміх людзей да гэтых падзей. У выставах, імпрэзах і кнігах VEHA мы прапускаем уяўленне пра традыцыі продкаў праз крытычную прызму сучаснасці, гаворым пра стан жанчыны ў грамадстве, сацыяльны статус і табуяванасць тэмы смерці. Гэтымі праектамі мы не робім высноваў, наша асноўная праца – гэта збор і захаванне унікальнага візуальнага матэрыялу з сямейных фотаархіваў і іх захаванне. Дадатковае апісанне – толькі наша асабістае стаўленне да выбраных тэм. Мы спадзяемся, што сабраная намі калекцыя, якая складаецца з больш як 1800 фотаздымкаў з розных прыватных архіваў, будзе спрыяць развіццю гістарычных, этнаграфічных, культурных і антрапалагічных даследаванняў у напрамку візуальнай гісторыі Беларусі.
Храналогія праекту
Гэты праект пачаўся ў 2018 годзе і на старце быў прысвечаны толькі вясельнай фатаграфіі. На першай выставе ў межах фестывалю Месяц фатаграфіі ў Мінску (МФМ) экспазіцыя складалася з васьмі рам, якія адносіліся да канкрэтнага перыяду ХХ стагоддзя. У рамах былі размешчаны копіі фатаграфіі калекцыі «Дзявочы вечар».

Такі спосаб хатняга эспанавання фотаздымкаў унутры адной рамы распаўсюджаны ў малых мястэчках Беларусі. Фатаграфіі ў іх укладаліся паступова, на працягу ўсяго жыцця, і маглі захаваць у сабе адлюстраванне лёсу некалькіх пакаленняў. Адсылку да традыцыйнага фармавання сямейнага фотаархіва падкрэсліваюць старыя шпалеры якія выкарыстоўваюцца ў якасці пашпарту. Белая празрыстая тканіна ў экспазіцыі з'яўляецца спасылкай да вэлюму нявесты. Каб разглядзець фота больш уважліва, гледачу трэба ўзаемадзейнічаць з тканінай.
Выстава ў рамках фестывалю МФМ
6.09 – 6.10.2018
Першапачаткова ідэя праекту была пабудавана на спробе задакументаваць нябачны спосаб камунікацыі паміж жанчынамі. «Дзявочы вечар» – гэта назва ночы перад вяселлем, калі дзяўчаты збіраліся разам і плялі вянок маладой. Вянок з галавы нявесты здымала свякроў, перад шлюбнай ноччу. Пасля вянок змяняла хустка, а вянок выкарыстоўваўся ў якасці абярэга ад хвароб і захоўваўся ў хаце. Нават само дзеянне – пляценне вянка – гэта гарманічнае аб'яднанне спецыяльна прыгатаваных адабраных раслін і прадметаў у адзінае цэлае, папулярная забава сярод дзяўчат. У гэтых рытуалаў не фігуруюць мужчыны, і менавіта гэты жаночы рытуал – тое, што было важна для распачаткавання праекту.

Але ў працэсе на першы план выйшла трансфармацыя абрадаў пад уплывам царквы і палітыкі. У кнізе «Праздники и обряды в белорусской ССР, 1988 г.», прысвечанай гісторыі ўкаранення грамадзянскіх святаў і абрадаў у часы Адлігі, падрабязна апісана, як адраджалася цікавасць да абрадатворчасці і пошуку святаў, сугучных светаўспрыманню савецкага грамадзяніна пасляваеннай пары. Укараненне новай абраднасці пачалося яшчэ ў 1920-х, але менавіта ў хрушчоўская часы падчас антырэлігійных кампаній узніклі сучасныя рытуалы, напрыклад, урачыстая рэгістрацыя шлюбу. Новая грамадзянская абраднасць была супрацьпастаўленая абраднасці рэлігійнай і стала часткай атэістычнага выхавання, а ў цэлым служыла фарміраванню савецкай ідэнтычнасці.
выстава ў галерэі КХ (Брэст). Куратарка – Лізавета Міхальчук
4 – 26.05.2019
выстава "WIECZÓR PANIEŃSKI". Галерэя FAF (Варшава)
29.06 – 31.07.2019
На выставе «Tam gdzie Teraz», галерэя Labirynt (Люблін)
12.07 – 11.08.2019
Праца ішла даволі актыўна. Прайшло два гады і чатыры выставы ў гарадах Польшчы і Беларусі. Але выразны мастацкі вобраз не складваўся. Працес яго пошуку і сумненні былі апісаны ў альманаху сучаснай беларускай культуры «pARTisanKa» №34. Усё вырашылася ў 2020, калі прыйшоў Covid-19 і звыклыя рытуалы змяніліся ваўсім свеце. Тады мы вырашылі зрабіць другую кнігу, «Апошнi фотаздымак», з фотаздымкамі пахавання, супрацьпаставіўша два такіх розных рытуала. Вяселле і пахаванне звязаны ў самым глыбінным сэнсе. Гэта кропкі збору сям'і, галоўныя дакументы прысутнасці чалавека ў гісторыі свайго роду і доказы таго, што тая ці іншая падзея адбылася. Вяселле – тэма папулярная і прыгожая. Фатаграфіі пахаванняў – табуяваныя, ад такіх фота, на жаль, часта пазбаўляюцца. Стварыўшы два тамы, мы, можна сказаць, прымушаем прымаць сваю гісторыю з розных бакоў.

У працэсе працы над кнігай мы зрабілі відэа «Вяселле падчас вайны». Гэта відэа пра нябачны вопыт, пра тое, што я не змагла знайсці ў музеі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску – пра гісторыю штодзённасці. Мы памятаем, што загінуў кожны трэці беларус. Што траўмы, нанесеныя нашаму грамадству не былі прапрацаваны. Але вопыт вайны – гэта не толькі бітва на фронце, гэта жыце ў стане акупацыі. І, на жаль, у 2020 кожны беларус і беларуска змаглі лепей зразумець гэту тэму.
Відэа было створана ў рамках праекту «Multiple Perspectives
on History» пры фінансавай падтрымцы МЗС Нямеччыны


Паштоўкі VEHA
/ дызайн У. Грамовіч
Калекцыя вясельных фотаздымкаў збіралася праз два оўпэн кола, ўдзел у ім прынялі больш за 600 чалавек. Даслалі фота 15 дзяржаўных музеяў Беларусі. Праца па апрацоўцы і стварэнні анлайн каталога заняла больш за чатыры месяцы. VEHA незалежная ініцыятыва і не мае фінансавання. Магчымасць зрабіць сайт з каталогам фота і правесці чатыры выставы я (куратарка праекту Леся Пчолка) атрымала дзякуючы стыпендыі Гауда Палонія, якая дазваляе паўгода працаваць над мастацкім альбо даследчыцкім праектам. Але стыпендыя не можа пакрыць аплату працы іншых удзельніц праекту – сумесная праца, калектыў і розныя галасы – гэта фундамент, таму з першых месяцаў я пачала пісаць заяўкі на гранты і лісты да спонсараў з мэтай выдання кнігі, але грошы так і не былі знойдзены. Закрыццё крауд пляцовак з-за палітычная пераследу канчаткова паставілі крыж на магчымасці знайсці грошы на працу.

Напэўна, толькі нечаканае ўключэнне вялікай колькасці людзей у працэс стварэння кніг дапамагло скончыць гэтыт праект. Адчуванне адказнасці перад кожным, хто даслаў фота, адказнасць перад людзьмі, якія напісалі тэксты для кнігі, якія зрабілі пераклады, якія больш за два гады чакалі вырашэння фінансавых пытанняў. Таксама адказнасць перад словамі, якія ты вымаўляеш у інтэрв'ю, абяцаючы захаваць частку нашай візуальнай гісторыі. Кнігі былі надрукаваны за асабістыя грошы ў надзеі хаця б вярнуць іх пасля продажаў.

Гэты праект пачаўся з ідэі зафіксаваць камунікацыю паміж жанчынамі ў архіўных здымках, але выйшаў у іншай форме. Праект скончыўся толькі дзякуючы захаванню камунікацыі паміх жанчынамі ў нашай камандзе, нават ў гэты вельмі складаны для беларусаў і беларусак час. Кнігі VEHA «Дзявочы вечар» і «Апошні фотаздымак» пра самыя важныя вехі ў гісторыі сям'і і нарэшце выдадзеныя і назаўжды застануцца ў бібліятэках. Адбылося гэта дзякуючы сястрынству і супрацы, якая застанецца зафіксавана толькі ў гэтым тэксце.
НАД КНІГАМІ ПРАЦАВАЛІ
Куратарка праекту – Леся Пчолка
Рэдактарка кніг – Лідзія Міхеева
Тэксты – Анастасія Вальковіч, Дзіяна Пінчук, Лідзія Міхеева
Перакладчыца EN – Юля Цімафеева
Карэктарка EN – Вальжына Морт

Дзякуй за актыўны ўдзел у праекце:
Аляксандр Лучына, Дзіяна Ляшкевіч, Вольга Грыцук, Хрысціна Марчук, Уладзімір Грамовіч, Генадзь Дубатоўка, Алег Палішчук, Іван Чайчыц, Вадзім Качан, Дзмітрый Сярэбранікаў, Сяргей Лескець, Фонд Археалогіі фатаграфіі, Месяц Фатаграфіі ў Мiнску, Беларускі архіў вуснай гісторыі і Этнаграфічны клуб КОЛА

Вікторыя Харкевіч, Леанід Мельнік, Іван Мураўёў, Станіслав Ушакевіч, Anna Tcherepko, Барушка, Вольга Каласоўская, Алена Ліс, Наталля Наземцава, Андрэй Асташэня, Oleg Józwowicz, Марыя Кужаль, Аляксандра Макавік, Антаніна Дземчыла, Вікторыя Цімафеева, Іна Песіна, Змітрок Буглак, Вікторыя Даражок, Людміла Сільнова, Андрэй Блінец, Наталля Белько, Саша Ажгірэвіч, Юлія Татаренко, Вольга Бычкова, Валянцін Тур, Дарʼя Якубовіч, Анастасія Даніловіч, Вікторыя Карняйчук, Вольга Сасноўская, Аляксей Баравік, Таццяна Скарынкіна, Ніна Казленя, Ганна Хоміч, Аксана Чарнышэвіч, Таццяна Вадалажская, Вольга Астаповіч, Аляксандр Някіцін, Дарʼя Клім, Кацярына Сыраежкіна, Віктар Прыбыш, Юлія Ляшкевіч, Кацярына Воўчак і іншых.
МУЗЕІ ЯКІЯ ПРЫНЯЛІ ЎДЗЕЛ
Браслаўскае раённае аб'яднанне музеяў
Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава
Глыбоцкі гісторыка-этнаграфічны музей
Жыліцкі гістарычны комплекс-музей
Клімавіцкі раённы краязнаўчы музей
Кобрынскі ваенна-гістарычны музей імя А.В. Суворава
Лёзненскі ваенна-гістарычны музей
Лідскі гісторыка-мастацкі музей
Мазырскі аб'яднаны краязнаўчы музей
Музей воинов-интернационалистов
Музэй-сядзіба Пружанскі палацык
Салігорскі краязнаўчы музей
Нясвіжскі гісторыка-краязнаўчы музей
Шклоўскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей
Дзявочы вечар
ISBN 9879857209750

/ паглядзець онлайн
Апошні фотаздымак
ISBN 9879857209767

/ паглядзець онлайн
Мы спадзяемся, што гэтыя кнігі паспрыяюць развіццю этнаграфічных, мастацкіх і антрапалагічных даследаванняў у напрамку візуальнай гісторыі Беларусі.
выбраныя публікацыі ў смі аб праекце